СТРА́ТЫ ЭЛЕКТРАЭНЕ́РГІІ,
частка электраэнергіі, якая траціцца ў элементах электрычнай сеткі на каронны разрад у ЛЭП, награванне токаправодных частак, намагнічванне і награванне асяродкаў трансфарматараў, статараў і ротараў эл. машын, а таксама паглынаецца ў дыэлектрыках кабеляў і кандэнсатараў.
Найбольшыя страты на карону, якая ўзнікае вакол правадоў ЛЭП у выніку кароннага разраду (гл. Электрычныя разрады ў газах). Асабліва значныя С.э. на ЛЭП пераменнага току вял. працягласці, звыш- і ультравысокага напружання. Зніжаюць іх павелічэннем дыяметра правадоў і адлегласці паміж імі. На ЛЭП звышвысокага (330 кВ і вышэй) напружання выкарыстоўваюць расчэпленыя правады — пучкі з некалькіх правадоў з адлегласцю паміж імі да 60 см. Правады ў пучках кожнай фазы ўтрымліваюцца ізаляцыйнымі распоркамі. З улікам С.э. робіцца выбар канструкцыі і разлік параметраў ЛЭП, эл.-тэхн. абсталявання.
т. 15, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)